cairo_tigra

Ну і пра план. Нічога не змянілася. Не вер. Не бойся. Не даруй. Не спыняйся. (c)

Hanna Sieviaryniec

 А ведаеце што... Нешта апошнім часам паболела аналітычных тэкстаў кшталту "такія рэжымы самыя трывалыя ў свеце", "такая вертыкаль самая непарушная ў свеце" і ўсё ў такім дэманічным ключы. Яно як бы зразумела, з'яўленне такіх тэкстаў, і ўвага нашая да іх таксама зразумелая, і ўздзеянне іхнае ў цяперашнія часы моцнае. Я вунь таксама ўчора легла паміраць, бо жыць у гэтым немагчыма, з'язджаць я не збіраюся, а тут панапісана, што выйсця няма. Але ж блін. Вы хочаце сказаць, што гэтая хтонь і тупасць можа перамагчы розум і крэатыў? Што гэтая вертыкаль, пабудаваная на страху і агульнай замазанасці ў злачынствах, вечная? Што гісторыя мусіць спыніцца і абрынуць нас у трыццатыя гады? Я памятаю ўвосень, як на маршах пачалася ўсеагульная дэманізацыя сілавікоў. Людзі пачалі ад іх панічна бегаць. Мне, канешне, прасцей за маладых, нас такіх жанчынак у берэтках калі бралі, то апошнімі, але неяк мы ішлі з сяброўкай скрозь хапун, і я ёй кажу: "Не бойся! Мы не бяжым! Ідзі з нармальным тварам!" - "Мне падаецца, што ў мяне на лобе напісана, што я пратэстую!" - "Дык напішы на лобе, што ты ў краму ідзеш". Яшчэ я думаю пра свой акварыум. У ім завяліся жудасныя водараслі, ад якіх цвіце і тхне вада. Пакуль я тут збіралася паміраць, думала, няхай і акварыум памірае, што я магу супраць гэтых вадараслей. О, гэтыя водараслі, яны паўсюдныя, яны жаруць расліны і травяць рыб, яны акупавалі ўвесь мой акварыум, я ніколі іх не выведу, бо гэта самыя моцныя, самыя немагчымыя водараслі ў свеце, я памру, а яны будуць жыць вечна. А сёння я падумала: ну а водараслі я ўжо нашто дэманізую? Цьфу. Зрабіла моцны раствор эрытраміціну, выцягнула з акварыўма ўсё, акрамя рыб, і засунула ў той эрытраміцын. І водараслі як давай там дохнуць. Во, плаваюць ужо пісагамі па паверхні, толькі выбірай ды выкідай. Канешне, аналітыку трэба чытаць і над сутнасцю працэсаў думаць. Але дэманізаваць іх на што? Ну рэжым. Ну вертыкаль. Такія ж людзі. Толькі глупейшыя. Ці не крыўдна скласці перад імі лапкі ў нерацыянальным жаху? Ну і пра план. Нічога не змянілася. Не вер. Не бойся. Не даруй. Не спыняйся. Ну, і не памірай. І рабі, што можаш. Калі мы ўсе паціху будзем рабіць, што можам, мы абавязкова нешта зробім. Ну, а калі ляжам паміраць - дык, вядома, памром.

Error

Anonymous comments are disabled in this journal

default userpic

Your reply will be screened

Your IP address will be recorded